12.11.2024

Беларуска-украінскі Форум Астрожскіх 2024 адбудзецца ў Кіеве 16-17 лістапада

Мы запрашаем да ўдзелу ў форуме прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскага сектара, медыі і палітычнай сферы з Украіны і Беларусі на ўжо трэці Беларуска-украінскі Форум Астрожскіх 2024.

Ва ўмовах сур'ёзнага пагаршэння беларуска-ўкраінскіх адносінаў, выкліканага саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў поўнамаштабным уварванні Расіі ва Украіну, гэты Форум закліканы спрыяць наладжванню дыялогу паміж Украінай і беларускай дэмакратычнай супольнасцю як на палітычным, так і на экспертным узроўнях.

Падчас бадай самай вялікай беларуска-ўкраінскай канферэнцыі, арганізаванай Free Belarus Center, Цэнтрам “Еўрапейські дыялог”, Інстытутам “Палітычная сфера” і Радай знешняй палітыкі “Українська призма” пры падтрымцы Прадстаўніцтва Фонду Фрыдрыха Наўмана за свабоду ва Украіне і Прадстаўніцтва Фонду ім. Фрыдрыха Эберта ва Украіне, цягам двух дзён адбудзецца восем панэльных дыскусій з удзелам палітыкаў і палітыкес, дыпламатаў і дыпламатак, а таксама экспертаў і экспертак міжнароднага ўзроўню з абодвух бакоў. На форуме будуць абмеркаваныя тэмы стратэгіі Украіны адносна Беларусі, умацавання рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, барацьбе з прапагандай, беларуска-украінскага супрацоўніцтва і салідарнасці ды іншае.

Асобны блок будзе прысвечаны прэзентацыі вынікаў даследавання “Індэкс беларуска-ўкраінскіх стасункаў”, якое было праведзена сумесна групай беларускіх і ўкраінскіх экспертаў і экспертак пры падтрымцы Free Belarus Center і Фонду Фрыдрыха Наўмана. Гэта першая сістэмная спроба даць комплексную ацэнку сучаснага стану двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Украінай, а ў далейшым сачыць за дынамікай гэтых стасункаў.

Трэці Форум Астрожскіх 2024 адбудзецца 16-17 лістапада ў Кіеве. Дакладнае месца правядзення і поўную праграму мерапрыемства мы паведамім зарэгістраваным удзельнікам і ўдзельніцам.

Арганізатары забяспечваюць цэнтралізаваны трансфер для тых, хто пройдзе акрэдытацыю і верыфікацыю.

Для рагістрацыі ў якасці ўдзельніка ці ўдзельніцы, запоўніце форму

Для журналісцкай акрэдытацыі, калі ласка, запоўніце форму

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па адрасе freebelaruscenter(at)gmail.com (тэма ліста: Форум Астрожскіх 2024)